БРА́СЛАЎСКАЯ ГРУ́ПА АЗЁР,
у Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка. Уключае 50 вадаёмаў агульнай пл. 130 км². Найб. Дрывяты, Снуды, Струста, Воласа Паўночны, Воласа Паўднёвы і інш. Размешчаны азёры сярод краявога ледавіковага градавага і ўзгорыстага рэльефу Браслаўскай грады з разнастайнымі формамі водна-ледавіковай акумуляцыі — камамі, озамі. Большасць з іх злучана невял. рэкамі, ручаямі, канавамі і пратокамі, найб. вадаёмы дрэніруе р. Друйка. У азёрах захаваліся стараж. і рэдкія віды жывёл (лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа, мізіда рэліктавая) і раслін (гарлачык жоўты малы, гідрыла кальчаковая), занесеных у Чырв. кнігу Беларусі. Усе азёры маюць рыбапрамысл. значэнне, частка зарыбляецца вугром. Вакол іх зона адпачынку. Папулярнае месца турызму. Уваходзіць у нац. парк Браслаўскія азёры.
т. 3, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)